Мемарыяльны знак "У памяць аб яўрэях Магілёва - ахвярах нацызму"
У 2007 годзе па ініцыятыве магілёўскай габрэйскай абшчыны на ахвяраванні быў усталяваны памятны знак «У памяць пра габрэяў Магілёва – ахвяр нацызму» недалёка ад габрэйскага гета. Помнік двойчы падвяргаўся вандалізму ў 2012 і ў 2017 годзе, што можна бачыць на фота.
Першы раз ва ўзбуджэнне крымінальнай справы было адмоўлена, другі раз былі знойдзены вінаватыя: чацвёра маладых хлопцаў, якія належалі да неанацысцкай групоўкі, двое з іх асуджана на тэрміны да двух гадоў і кампенсацыю матэрыяльных выдаткаў па рэстаўрацыі помніка.
Цягам першых чатырох месяцаў нацысцкай акупацыі (ліпень-кастрычнік 1941 года) было забіта каля 60% габрэяў, аднак аж да канца 80-х гадоў мінулага стагоддзя гісторыя такой вялікай колькасці насельніцтва ігнаравалася публічнай гісторыяй. Усталяванне помнікаў на габрэйскіх магілах у большасці выпадкаў заставалася прыватнай справай габрэйскіх сем'яў. І нават пры гэтым нашчадкам загінулых даводзілася захоўваць асцярожнасць у фармулёўках, каб не наклікаць забароны і рэпрэсіі з-за супярэчнасці дзяржаўнай палітыцы камуністычнай партыі. Таму на большасці помнікаў, усталяваных на месцах пахаванняў, пачынаючы з 50-ых гадоў і да канца 90-ых гадоў, часта адсутнічае слова “габрэі”, самі помнікі з'яўляюцца стандартнымі і ў большасці выпадкаў не маюць габрэйскай сымболікі. У перыяд перабудовы сітуацыя змяняецца: з'яўляюцца надпісы з больш поўнай інфармацыяй на розных мовах, аднак гэта не носіць усеагульны характар.
Па матэрыялах ЧДК (Надзвычайная дзяржаўная камісія па вызначэнню і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў) і ўспамінам сведкаў, масавыя расстрэлы вязняў гета праводзіліся больш чым у пяці месцах у наваколлі горада. На чатырох з іх усталяваны помнікі, на якіх слова “габрэі” адсутнічае. Яно замяняецца эўфемізмам “мірныя савецкія грамадзяне”. Яшчэ адзін помнік быў усталяваны на могілках на месцы перапахавання забітых. Ён быў адрэстаўраваны сіламі габрэйскай абшчэны з дапамогай амбасады Ізраіля ў 2000-ым годзе, быў дададзены тэкст на іўрыце і шасціканцовая зорка.
Мы хочам паказаць месцы памяці ў горадзе Магілёве і яго наваколлі, расказаць пра трагічныя падзеі гэтых месцаў і паказаць якія адбываюцца змены ў грамадскай свядомасці ў дачыненні да гэтых помнікаў у ХХI стагоддзі. Паўсталыя пад канец 80-х гадоў помнікі сталі месцамі імправізаваных мітынгаў, адказнасць за арганізацыю якіх, узялі на сябе зноў створаныя габрэйскія таварыствы. Праз дзесяцігоддзі са зменай палітычнага і ідэалагічнага курсу ў краіне, дзяржаўная ўлада пачала спрабаваць кантраляваць гэтыя мерапрыемствы. Пасля 2020 года дзяржаўная палітыка надала габрэйскім магілам новую інтэрпрэтацыю, карыстаючы іх для ўзмацнення “тэорыі генацыду беларускага народа”, пры гэтым нівелюючы гісторыю Халакосту і нацыйныльны бок трагедыі.